Паводле гіпотэзы В.В.Сядова, літва, археалагічным эквівалентам якой ён лічыць культуру ўсходнелітоўскіх курганоў, ад самага пачатку была не чыста балцкім, а балта-славянскім племянным аб'яднаннем. Доказамі ранняга пранікнавення славянскіх элементаў ён лічыў распаўсюджанне бранзалетападобных скроневых кольцаў з самкнутымі канцамі і серпападобных скроневых кольцаў, якія характэрны для некаторых тэрыторый са славянскім насельніцтвам. Акрамя таго, В.В.Сядоў звяртаў увагу на тое, што, па дадзеных літоўскага даследчыка А.П.Ванагаса, у арэале культуры ўсходнелітоўскіх курганоў распаўсюджаны славянскія гідронімы.
Па матэрыялах археялогіі можна заўважыць, што ў 11-12ст. паўдн.-ўсх. частка арэала культуры ўсходнелітоўскіх курганоў скарачаецца. Раскопкі ў Вільнюсе засведчылі, што ўжо ў 12ст. ва ўсіх 3 частках пазнейшага горада - Верхнім замку, Ніжнім замку і Крывым горадзе - існавалі паселішчы, на якіх знойдзены ўсходнеславянскія рэчы, уключаючы кераміку і шкляныя бранзалеты. Шмат ўсходнеславянскіх рэчаў знойдзена пры раскопках Кернаве.
Нямецкі храніст 14ст. Віганд з Марбуга характырызаваў Вільню як "civitas Rutencia" - горад, што быў заснаваны русінамі. Пра тое, што славяне праніклі ў Віленшчыну яшчэ ў часы існавання крывічоў, сведчыць тапонім Крывічы(Kriviciai) у Малетайскім р-не. У "Жыціі трох віленскіх(літоўскіх) пакутнікаў", нібыта закатаваных у 1347 за пераход у праваслаўе, даюцца першапачатковыя язычніцкія імёны гэтых "ліцвінаў", славянскія па характары, - Кумец, Круглец і Няжыла. Усё гэта сведчыць калі не пра першапачатковы балта-славянскі характар, то пра дастаткова раннюю славянізацыю значнай часткі тэрыторыі летапіснай літвы.